ГО́РЫ-ГО́РАЦКАЯ ЗЕМЛЯРО́БЧАЯ ШКО́ЛА,

спецыяльная сельскагаспадарчая навуч. ўстанова ў 1840—48. Засн. ў г. Горкі (Магілёўская вобл.) паводле ўказа Сената ад 24.4.1836. Адчынена 15.8.1840. Мела 2 разрады: 1-ы (ніжэйшы) і 2-і (вышэйшы). Тэрмін навучання ў кожным 3 гады. Ніжэйшы (прымалі юнакоў 16—20-гадовага ўзросту) рыхтаваў земляробаў з веданнем асноў аграноміі. Вывучаліся земляробства, жывёлагадоўля, садоўніцтва, лесаводства, агульнаадук. навукі. Вышэйшы (залічвалі выпускнікоў ніжэйшага разраду, акрамя дзяцей прыгонных сялян) рыхтаваў аграномаў. У 1842 ён рэарганізаваны ў Вышэйшую с.-г. школу. У 1848 ніжэйшы разрад пераўтвораны ў земляробчае вучылішча з 4-гадовым тэрмінам навучання, а Вышэйшая с.-г. школа — у Горы-Горацкі земляробчы інстытут.

У.М.Ліўшыц.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)